ДРУГІ́ УСЕРАСІ́ЙСКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых і салдацкіх дэпутатаў,

адбыўся 7—9.11(25—27.10).1917 у Петраградзе. Прысутнічала 649 дэлегатаў, 390 бальшавікоў, 160 эсэраў, 72 меншавікі, 14 аб’яднаных інтэрнацыяналістаў, у т. л. ад Беларусі і салдат Зах. фронту 51 дэлегат. Парадак дня: 1) аб арганізацыі ўлады; 2) аб вайне і міры; 3) аб зямлі. У 3 гадз 10 мін 8 ліст. (26 кастр.) з’езд атрымаў вестку, што ўзяты Зімні палац і арыштаваны Часовы ўрад. Меншавікі, правыя эсэры і бундаўцы (каля 70 чал.) адмовіліся прызнаць сацыяліст. рэвалюцыю і пакінулі з’езд. З’езд прыняў напісаную У.І.Леніным адозву «Рабочым, салдатам і сялянам!», якая абвяшчала пераход улады ў рукі Саветаў. Прыняў Дэкрэты аб міры і аб зямлі, рашэнне аб пераходзе ўлады на месцах да Саветаў і інш. На з’ездзе створаны першы сав. ўрад — Савет Народных Камісараў на чале з Леніным.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)